ЯГЕЛО́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т, Кракаўскі універсітэт,
найстарэйшы універсітэт Польшчы, адзін з першых у Еўропе. Засн. ў 1364 у Кракаве Казімірам III Вялікім; у 1400 рэарганізаваны каралём Польшчы Ягайлам (адсюль назва) на ўзор Парыжскага ун-та. Шырока вядомы ў 15 — пач. 16 ст. высокім узроўнем выкладання юрыд. навук, а таксама астраноміі, геаграфіі і матэматыкі. Сярод студэнтаў былі не толькі палякі, але і чэхі, венгры, немцы. Выхаванцамі ун-та былі М.Капернік, а ў 1504—06 Ф.Скарына (атрымаў ступень бакалаўра). З сярэдзіны 16 ст. Я.у. заняпаў, навучанне мела царк.-схаластычны характар. У 1782—86 рэктар ун-та філосаф-асветнік Г.Калонтай ліквідаваў устарэлыя метады навучання, увёў вывучэнне прыродазнаўчых і дакладных навук, выкладанне на польскай мове замест латыні. У канцы 19 ст. Я.у. — адзін з асн. цэнтраў польскай навукі. У гады 2-й сусв. вайны закрыты, у 1945 аднавіў дзейнасць. Па стане на 2003 ва ун-це мелася 14 ф-таў. Па стане на 2003/04 навуч. г. у Я.у. працавала 3174 выкладчыкаў (з іх 387 прафесараў) і навучалася каля 37 тыс. студэнтаў. Выдаюцца «Навуковыя сшыткі Ягелонскага універсітэта» (14 серый). Існуюць культ. сувязі з інш. навуч. ўстановамі замежных краін (абмен выкладчыкамі і студэнтамі, у т. л. з Беларусі).
т. 18, кн. 1, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)